Калі-небудзь чулі пра "даляры Сярэднявечча"? Менавіта так часам называюць "дырхемы" - срэбныя манеты Арабскага халіфата, якія з'явіліся ў канцы VII ст. і выпускаліся на працягу некалькіх стагоддзяў. Згодна з мусульманскімі законамі, на іх няма малюнкаў людзей або жывёл, а толькі надпісы пра год і месца выпуску на арабскай мове.
Больш як 200 гадоў з-за стабільнай вагі срэбра дырхемы карысталіся найвялікшым даверам у людзей на ўсіх тэрыторыях ад гарачай Афрыкі і да паўночных зямель вікінгаў. Яны даволі хутка траплялі ў новыя мясціны ў выніку гандлёвых аперацый. Дырхемы і па гэты дзень часта знаходзяць у скарбах і па адзіночцы (у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі).



